Таямніцы нашага садка. Гісторыя восьмая: Пра адзінокага прынца, мудрага рака і капрызлівую прынцэсу (працяг)
Частка трэцяя
(частка першая ТУТ)
І вось паляцелі нашы героі ў жаданае Каралеўства Дубоў. Сонейка свеціць, Бацька-Нёман весела булькоча…
– Як гэта слаўна, што мы адна каманда! – усклікнуў прынц Кастусь.
А на даляглядзе з’явіліся гіганцкія восы.
– Джалы даўжэйшыя за мой меч! – ахнуў прынц. – Гэта Гарр-Гундзель іх паслаў?
– А хто ж! – ускрыкнуў Рак-Вусач.
– Як добра, што мы – непераможная каманда! – крыкнуў Кастусь. – Гэй, Вецер-Жартаўнік, гатовы да бою?
– Знік Вецер, – сумна адказаў Рак-Вусач.
– А дзе бесклапотная Хмарка?
– І яна растварылася.
– Чакай, а на чым мы ляцім?
– А мы не ляцім. Мы падаем!
Кінуліся на іх восы, а прынц Кастусь і Рак-Вусач у тую ж секунду пачалі падаць. Восы ад нечаканасці ілбамі стукнуліся, гузакі набілі.
Трапілі нашы героі ў лагодныя хвалі Бацькі-Нёмана.
– Даімчы нас да Каралеўства Дубоў! – папрасіў прынц.
– Буль-буль-гоп! Дапамагу!
А восы даганяюць. Яшчэ імгненне – джаламі змогуць працяць!
– Гэй, прынц Кастусь! – гукнуў Бацька-Нёман. – Дай маёй хвалі ў тваім роце схавацца! А цяпер, як мудрая рыба-кіт, выпусці струмень вось на гэтую, напрыклад, асу!
Як толькі зрабіў так прынц, зашыпела аса і ў… светляка ператварылася!..
– Лаві яго хутчэй і хавай за пазуху! – галёкнуў Бацька-Нёман, – Гарр-Гундзель усіх светлякоў, што ў Каралеўстве Дубоў жылі, ператварыў у вос атрутных! Бяры ў рот новую хвалю і выпускай!
Неўзабаве ўсе восы ў светлякоў ператварыліся. Селі на прынца, і ён стаў падобны да вялікага ліхтара. Гэтак прыплылі ў Каралеўства Дубоў. Як агледзеўся Рак-Вусач – за галаву ўхапіўся:
– Што гэта?!
А вакол – выпаленая, мёртвая зямля. Нават Бацька-Нёман аслабеў:
– Хвалі мае гінуць… Ох, не магу… Не магу… Буль-буль-ох!!!
Праз некалькі хвілін высах Бацька-Нёман.
– Скажы мне, Рак, – запытаў прынц Кастусь, – навошта Гарр-Гундзель знішчыў Каралеўства Дубоў?
– Усё дзеля таго, каб ты не атрымаў суперсілу! Усё! Мы пераможаны. Засталося і мне вымерці. Бо які сэнс жыць без радзімы? – безнадзейна махнуў кляшнёй Рак-Вусач.
– Рана яшчэ выміраць! – крыкнуў прынц. – Паглядзі! Я ўвесь аблеплены светлякамі! Хутка настане ноч! Хіба не здагадваешся?
– Не!
Больш ад Рака не было ні слова.
Ноччу светлякі запалілі свае агеньчыкі. І сказаў прынц Кастусь:
– Па злой волі Гарр-Гундзеля вы былі атрутнымі восамі, але я вас ператварыў назад у светлякоў!
– О, так! – азваліся яны. – Загадвай, Уладар, што зрабіць для цябе.
– Вы павінны дапамагчы мне вярнуць да жыцця Каралеўства Дубоў! Ці моцныя ў вас крыльцы?
– Моцныя!
– Ці зможаце вы мяне падняць над зямлёю і аднесці туды, куды я вам скажу?
– Зможам!
Паднялі светлякі прынца ў неба, крыльцамі замахалі! І ад гэтага махання… Вецер-Жартаўнік з’явіўся! Азірнуўся баязліва:
– Нашто выклікалі?
– Прывядзі нам Бесклапотную Хмарку, поўную слёз!
Прыгнаў Вецер-Жартаўнік Хмарку. Сказаў ёй прынц:
– Плач, Хмарка! Плач, што ёсць моцы!
Ніколі яна яшчэ так моцна і доўга не плакала.
Паглядзеў прынц Кастусь, і вачам не паверыў: зямля ажыла, траўкай пакрылася!
– Гэй, Рак-Вусач! Адраджаецца тваё Каралеўства! Вунь – траўка расце! Вунь – Бацька-Нёман булькоча!
– Буль-буль-гоп! – радасна забулькатаў Нёман.
– А вось, глянь, і асілкі-дубы з глебы прабіваюцца!..
Рак-Вусач, павесялеў:
– Дзякуй табе, прынц!
– Што ж, – сказаў Кастусь, – цяпер, калі Каралеўства Дубоў адноўлена, прыйшоў час здабыць мне супер сілу!..
Міканор ХОМАЧКА